РАЖА́НКАЎСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Ражанка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1674 з цэглы і бутавага каменю на паўн. ускраіне вёскі, перабудаваны ў 1924—25. Аднанефавы крыжападобны ў плане храм з нізкай 5-граннай апсідай. Да бакавых сцен асн. аб’ёму далучаны 2 прамавугольныя ў плане капліцы. Тарцы высокіх 2-схільных дахаў над нефам і капліцамі закрыты ступеньчатымі шчытамі. Да паўд.-зах. вугла нефа прыбудавана 3-ярусная вежа (васьмярык на 2 чацверыках), накрытая 8-гранным спічастым шатром, да апсіды з паўн. боку — невял. сакрысція. Вуглы асн. аб’ёму і трансептаў умацаваны контрфорсамі і завершаны дэкар. вежачкамі — пінаклямі. У цэнтры гал. фасада — акно-ружа, вышэй яго — дэкар. арнамент, пояс і шчыт. Гал. ўваход вырашаны стральчатым парталам. У 1990 касцёл капітальна адрамантаваны.

А.​А.​Ярашэвіч, С.​Г.​Багласаў.

Ражанкаўскі Петрапаўлаўскі касцёл.

т. 13, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)